МАРО́СЬКАЎСКІ СКАРБ,
манетны скарб, знойдзены ў в. Мароські Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. ў 1971. Скарб ухаваны ў 1655—56. У гліняным гаршку знаходзіліся білонныя і сярэбраныя манеты ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Шведскай Прыбалтыкі, Курляндыі, Брандэнбурга, Прусіі, герцагстваў Цешын і Сучава, Іспанскіх Нідэрландаў, Рэспублікі Злучаных Правінцый, з якіх вядомы 5682 экз. Адзін з найбуйнейшых грашовых скарбаў 17 ст., выяўленых на Беларусі. Зберагаецца ў Мінскім абл. краязн. музеі.
т. 10, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)